 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Як на даліне матылі, Лятаюць мроі роем. Ужо і прывіды прыйшлі З дрымотным неспакоем. I ружы чорныя цвітуць, I чорныя тульпаны. Пялёсткаў россып. Каламуць. Гасьцінец пратаптаны. Па тым гасьцінцы я іду, — Як пiлігрым вандрую. Каровак бачу чараду, Алешыну старую. I плот, і стрэхі, і асьвер... Мой сон варушыць жорны. Ля Белай вежы чорны зьвер I нават бусел чорны. Абвугленыя каржакі, На іх жывая сажа — Мурашкі, мушкі і жукі. Мой сон мазутай мажа... У садзе чорныя кусты Смуродзіны, ажыны. Хавае сьцежку цень густы, Як смутак мой з чужыны. Я вышаў проста за сяло. Апанавалі згадкі. Было... буяла і цьвіло... Быў лад і непаладкі. Стаіш, дзяўчына, на рагу Крывой панурай пуні. Сябе я там асьцерагу Ад смуглай прыгажуні. Уся ў пакровах чорных ты I чорная павязка. Далей, далей ад чарнаты!.. Змывайся, калі ласка! Жалобны колер валасоў... I вугалькамі бровы. Няма цяпла вітальных слоў, Губляюць сілу словы. Адно ў вачох жаночых ноч, Як чорнай кнігі чары. I я кажу сабе: — Ня кроч У змрочныя абшары. Пашто ісьці ў халодны змрок, Калі сьвятла даволі? Я чую зноў бадзёры крок Да працы і да волі. Я бачу сонца зыркі сьмех. Вясновая паводка Бярэ з палёў іскрысты сьнег, Як цукар сьсе салодка. I зьберагаюць берагі Яскравае праменьне. I таюць крыгі, і кругі — У беласьнежнай пене. Жыцьцё бяжыць, рака цячэ, А за вясной і лета. Вылазіць чорнае яшчэ, Як сумная прыкмета. Ды на ральлі за плугам дзед У зрэбных нагавіцах, I асядае белы цьвет Імглой на лозах ніцых. Вунь поле ветлае здалёк Рамонкамі вітае. У жыце сіні васілёк, I хваля залатая. Плывуць аўсы і ячмяні, I русая пшаніца. Куды вачыма ні зірні — Мне цьвет, як песьня сьніцца. Пяе жаўрук, бугай раве I качка крэхча з гаці. Нязмоўчна конікі ў траве Зьвіняць на сенажаці. Казелец, дзяцельнік, чабор Кладуць кілім стракаты. Грыбамі, ягадамі бор На добры збор багаты. Краіна родная мая, Хіба я не шчасьлівы, Калі між красак бачу я Адценьняў пералівы? Багацьце колераў зямлі, Вады, зары і хмараў. Мяне дарогі прывялі У сьвет. Я змалку марыў, Шукаў прыгожай навіны I паэтычных скарбаў. Малююць яву сёньня сны Мазком нязнаных хварбаў. А восень па шляхох старых Цьвет жоўты і барвовы Нясе, і крэсьліць чорны штрых Аголенай дубровы. I перагной лісьця відзён, I чорная навала. А чорных плямаў, чорных дзён На сьвеце ёсьць ня мала. I на паперы чорны крыж, I чорныя палосы. I ты мне згадкаю іскрыш, Анёл чарнавалосы. Цяпер тых кудзеркаў няма... I дзень мінуў маркотны. Шырока сьнежная зіма Раскінула палотны. А белы волас у цябе, А пасмы з-пад хусьціны, Як напрадвесьні на вярбе Бахматкі ўздоўж галіны. У белым патаемны сум, У чорным — жаль і смутак. Завеі і гарачы тлум, I цемрадзі закутак. Хай багна чорная мяне Ня цягне ў багавіньне. Хай сьнег душу маю міне I ад цяпла загіне. Мой белы сон, мой чорны сон, А часам — каляровы. Ці-ж вам пяю я ў унісон, I ці спахмурыў бровы? Ці-ж я ў бядзе загаласіў I па мінулым плачу? Нясу па сьцежках родных ніў Удачу і няўдачу. Нясу пачуцьцi я свае, I ўсё, што перажыта, Са мной ідзе і мной пяе, Красуецца, як жыта. Дай Бог прачнуцца мне ў сьвятле Ля сьветларусай мілай, Ня ў буйным месьце, а ў сяле З былой зялёнай сілай. Хачу сьпяваць, хачу ў жыцьці Трымаць кірунак новы, Вясёлку колераў знайсьці I самацьветы-словы.
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|