Краю мой родны, краю мой мілы, цудны, узорны, ад ніў залаты, хто цябе ўквеціў пушыстай калінай, краскамі, лесам засеяў густым? Пушчы, палеткі, лугі, сенажаці, быстрыя рэкі, прасторы азёр – нехта рассыпаў вялікім багацьцем вечныя скарбы ў цудоўны узор. Калі табе золатам сонца разьлітым магутныя грудзі асыпле кругом, а неба атуліць туманам-блакітам, як быццам-бы анял празорым крылом, І вецер бяроз тваіх косы даўгія расчэша, рассыпле па белых камлёх, а грушы-красуні страсе сьнегавыя, цьвет белы пасее на зелень палёў, а буйныя травы нагне, то падыме, зазвоніць аб лісьці задуманых дрэў, акордамі ўдарыць, як май, маладымі, пад Нёмна вясною бурлівы напеў, – дык радасьцю, шчасьцем душа замірае, і хочацца сэрцам, рукамі абняць свой край наймілейшы, аквечаны маем, дзе краскі, дзе Нёмана хвалі зьвіняць. Дзе птушка у неба высокім палётам маніць да сонца ў блакіты з сабой, узыходзіць, мацьнее зь сялянскага поту зярнё, вырастае ў калосьсе вясной. Краю мой родны, краю мой мілы, калыска дум раньніх, вясёлкавых дзён, краю дзядоўскіх курганных магілаў, – ты сэрцу так мілы, як міла жыцьцё. Сьніцца ты будзеш, ўсё клікаць з чужыны, маніць ў свае сёлы, да хаты старой, пахучым палеткам буйной канюшыны, дзявочаю песьняй, спавітай тугой. Чало плуг жыцьця, можа, ў барозны зрэжа, мо’ голаву іней пакрые гадоў, – у сэрцы ж ня зьвянуць зялёныя межы. Туга не аслабне да родных кутоў.
1941
|
|