Калыхала маці сына, каб заснуў, і пяяла песьні, песьні пра вясну... Будзе сын вялікі, будзе ён расьці, будуць яму вёсны траўнямі цьвісьці. Пойдзе ён дарогай, цьветам па лугох, будзе яму шчасьце слаціся ля ног... Расьці, сыну, хутка маці дум шляхом – выляціш да зораў, вылеціш арлом! Спадабаў той хлопец дзеўчыну-красу, гаварылі разам ціха пра вясну... – Калі рожа сіня зацьвіце ў саду – да цябе, дзяўчына, ў сваты я прыйду... Калі кране сэрца песьня салаўя – будзеш ты, дзяўчына, будзеш ўжо мая! Белым, белым цьветам груша зацьвіла... салавей шчабеча ў гаі ля сяла... Ня жджы сына, маці, – на блакітны мох ён ў зялёным лесе ля сасонкі лёг!.. Ня шыкуй палотнаў, дзеўка, не прадзі – глянь, які гаротны месяц-маладзік! У зялёным лесе, на капцох ваяк чырваньню крывавай расьцьвітае мак... I скрыпіць, чамусьці, жаліцца сасна, а навокал краскі, а кругом вясна...
1941
|
|