РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Зямля
Дарога полем, вузкая,
Сярод пяску і траў.
I рэкі, дзе над русламі
Народ наш асядаў.
I гоні пладавітыя,
Адвечных пушчаў сьлед.
Там, недзе пад блакітам,
Другі адкрыўся сьвет.
Мільёны міль паветраных,
Ніякага жыльля.
Адтуль такой маленькаю
Здаешся ты, Зямля...
Дарогай найшырэйшаю,
Што вокам не абняць,
Лятаюць найсьмялейшыя,
Каб думы зор пазнаць.
Лятаюць недасягнена,
Высоты ўмеюць браць,
Каб зноў губамі прагнымі
Прыпасьці, цалаваць.
I за пачыны сьмелыя,
За мілі высаты
Узяць з рук кветкі белыя,
Што ўзгадавала ты!
Далоні сьціснуць братнія,
На ногі моцна стаць
I лаўры, ў небе зжатыя,
Табе, Зямля, аддаць.
 
1963
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.