РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Звычайны дзень, шляхі і раздарожжы,
і мэты ўзьлёт за ценем простых слоў,
і падае маленькі, дробны дожджык,
як жменя сьлёз па тых, хто адышоў...
 
Ты ўсё маўчыш, ўсё думкамі наперад.
Лепш агляніся: ніва, як абрус,
і шлях стрункі, і хочацца мне верыць,
што йшоў сюдою ён якраз, Кастусь.
Хвала таму, хто вылецеў на волю,
хвала таму, хто праўду ў сэрцы нёс,
хвала таму, хто зь пекла, з мукаў, з бою
у цёмных сілаў вырываў наш лёс...
 
Ты кажаш мне – нічога я ня маю,
глянь, той жа вецер, што, як бард, пяе,
ён мой ўвесь боль,
ўсе казкі майго краю,
і дрэваў шум, і васількі мае.
Мой пушчаў цень, сьляды зуброў, аленяў,
магільнікі зьняволеных дзядоў,
і мова – скарб наш, дарагі, нятленны,
і мой змагар, што вось сюдою йшоў.
 
О юны ўздым, зямлі пакутнай сілы!
О шчодры дар духовых сьветлых век!
I словы падалі ў дзірван і каласілі,
і змагары выходзілі з-пад стрэх.
Які быў сьмелы, родны чалавеча,
адкінуўшы шляхоцкі свой жупан,
ён сьвітку шэрую, як мы, злажыў на плечы,
каб боль прыкрыць народных нашых ран.
 
1964
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2018. Беларусь, Менск.