Плодам цьвет становіцца увосень, хлебам – колас буйны на мяжы, боль – жыцьцёвай заваддзю адносіць, толькі памяць застаецца жыць. Калі вецер зашапоча лісьцем, раскалыша неўгамонны лес, – памяць валачэ мяне ў дзяцінства, ў дзедаў кут, у гудзевіцкі бэз. Цьвіў той бэз, як цуд, на ўсіх дарогах, апіраўся на амшэлы брук, воблакам суквецьця ля парогаў нахіляўся да дзіцячых рук. Ўсюды папялішчы і руіны і з каменьняў голыя муры, толькі неба ў лужах каляінаў, залаты сярпочак угары. Бой заціх, кругом пустое поле, дзевяць вёснаў на маім вяку, я вучуся ў Гудзевіцкай школе, лётаю па бэзавым вянку. Сівы дзед мой, пан зь сям’і мужыцкай, гэтак дзіўна ўнучку гадаваў сыпаў шчодра у прыполік дзічкі, залатоўку на сшыткі даваў. А зімою браў к сабе на санкі, затуляў з каленцамі ў кажух, да бацькоў мы гналіся маланкай, аж званочак хахатаў наўкруг. А у школе? У школе ўсё па-польску. Не «адзін», а «едэн», «пенць» – ня «пяць», «буль» – ня «боль» і «бэндзе весь» – ня «вёска», – вучыць пані дзетак размаўляць. Мы пяём, адказваем, чытаем, а калі выходзім на парог – гаманіць Радзіма дарагая, роднай мовай плешчацца ў грудзёх. I на ёй, адзінай, звоняць росы, зоры палымяныя ўначы, на зары разбуджаныя кросны, дзеўчына, па воду бегучы. Маладзіцы ткуць ляны, бывала, песьні вечарынамі пяюць... Нават ноч пад дрэвамі сьціхала, толькі б песьні гэтыя пачуць. Валаконцы у дзіцячай жмені, ляскатаньне церніц-сакатух, верацёнаў танец летуценны, на кудзелі залацісты пух. Маладая пральляў задумёнасьць, досьвіткамі казкі без канца, белая, зімовая чароўнасьць, ў пост вялікі хвосьцік селядца. Ўсё гэта завалакло гадамі, я сягоньня ў сваім краі – госьць. Варушу вось цяжкі, шэры камень, што маю прыціснуў маладосьць. Ціхі боль, якому не уняцца, незнарок разбуджаны ўспамін пра мазольныя далоні ў працы, пад сярмягай – людскасьць і цяплынь. Гудзевічы, род мой незабыты, беларуская мая сям’я. Дождж змывае з надмагільнай пліты дарагое дзедава імя...
1966
|
|