Як вецер, як птушка, дзе сонца, дзе зоры, Так рвецца, нясецца ўдаль думка мая; Абыймецца зь небам, пакоціцца ў мора, Ў вялікае мора людскога жыцьця. I ўдарыцца ў сэрца так смутна, балесьне Як лісьцем віхура, так ім скалыхне, Так ім закалоціць, аж выклікне песьню... Ўжо зь песьняй ляціць зноў да зор к вышыне. Запеўшы пахвалай нязьведанай далі, К вядомай павернецца долі людской; Адсьвеціцца ў сьлёзах, як сьвечка ў крышталі, Ды ў сьвет зноў за сонцам, за новай зарой! На небе свабода, сьвятло і прывольле, – А думцы замала: няма там людзей; Людзей на зямельцы спаткае даволі, Дык сонца і воля ня сьвецяць тут ей... I так безупынку, то к небу – дзе зоры, Нясецца, як птушка, ўдаль думка мая; То скоціцца ў мора, ў вялікае мора Людскога, забытага шчасьцем жыцьця.
1910
|
|