РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Лясная царэўна
Далёка – міль многа ад вёскі-сяла –
У лесе зялёным царэўна жыла, –
Царэўнай зялёнага лесу была, –
      Жыла вечна ў ім, панавала над ім.
 
Твар мела сьвятлісты, як неба узор,
Карону насіла, сатканую з зор,
Зь лісточкаў зялёных яе быў убор.
      Павеўнай была, як імгла, як той дым.
 
Сама, як нягаданых казак напеў,
Век слухала лесу, што гімны ёй пеў,
Зь ёй цешыўся разам, зь ёй разам цярпеў,
      I вечар, і раніцу зь ёй спатыкаў.
 
Яна – як багіня (а лес той – як цар),
Купалася ў росах і ў каплінах хмар,
Праменьнямі сонца ўцірала свой твар,
      А вецер ёй косы часаў, заплятаў.
 
За хмараю хмара, бег летаў і зім;
Агністыя зоры на небе нямым
Яе цалавалі паглядам сваім,
      Яе, ненаглядную думку маю.
 
За песьняю песьня лунала над ёй
I казкі луналі таемнай сям’ёй.
Царэўна мая ты, зялёны лес мой,
      Я вашы і песьні, і казкі пяю!
 
«І ночкай, і днём – перад сном, пасьля сна –
Я тут каралеўна, – так пела яна, –
Я тут, як сіротка, паную адна,
      Ня маю з кім баяць у гэтай глушы!
 
Галінкі лясныя, паслушныя мне,
То клоняцца ў дол, то шумядь ў вышыне,
Адно гаманяць аб зіме і вясьне,
      А сэрца няма ў іх, няма ў іх душы.
 
Кароне маёй ўсё чагось не стае...
Што значаць мне белыя грудзі мае,
Мой голас, што досьвітнай птушкай пяе,
      Агністыя вочы і рукі, як хмель?
 
Грудзьмі прытуліцца ня маю к каму;
Хто чуе, як голасам долю кляну?
Хто бача, як відню вачамі я цьму?
      З кім лягу, рукамі абняўшы, ў пасьцель?»
 
А лес ёй шапоча лісткамі штодзень:
«Царэўна мая ты, мой высьнены цень,
К каленям тваім, згнуты сам да калень,
      Люблю і малюся, як Богу, табе!
 
Ці ж мала адданы табе я ўвесь час? –
Сваіх не шкадую расквечаных крас,
Лісткамі ўбіраю ў квяцісты абраз,
      Цалую, мілую ў пакорнай мальбе!
 
Ад вока благога цябе бараню,
Гадую сьпявачую птушак радню,
Шумлю аб табе на сьвет цэлы і сьню
      Аб сонейку, роўным тваім хараству;
 
Улетку ўбіраю ў расьцьветы галін,
Зімою – ў брыльянты пушаных сьняжын.
Зімою і ўлетку я – верны твой сын, –
      З табою табою, царэўна, жыву.
 
Чаго ж не стае табе ў гэтай глушы?
Ты жджэш чалавечага сэрца й душы.
Падумай, царэўна, і дум не сушы, –
      Ты згінеш, як знойдзе цябе чалавек!
 
Я чую – ўжо гоман плыве з-за гары,
Ўжо точаць там людзі свае тапары;
Хто ведае, можа, апошняй пары
      З табой дажылі і загубім свой век».
 
Так пела царэўна, так лес адпяваў;
Ёй людскіх хацелася ўцехаў, забаў,
Ён толькі яе знаў, яе мілаваў
      I сеяў няверу ў яе да людзей.
 
О, лес мой зялёны, о, родны ты мой!
Лясную царэўну сваю супакой, –
Ўжо ёй не мінуці дарожкі людской,
      Ўжо прыйдзецца збыцца кароны сваёй!
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
1910
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.