Зноў я з вамі, са сваімі, Мілыя сяляне! Будзем разам спатыкаці Ночку і сьвітаньне. Станем разам у парадак З плугам на папары Спольна скібіну варочаць, Нажываць загары. Над работай непрыдумнай Вясковай пакоры Будуць здаля баяць байкі Хвойкі, ясакоры. Скіба ў скібу, гоні ў гоні Высьцелем надзіва; Ляжа зерне, ўзойдзе колас, – Узрастай шчасьліва! За плугамі за сваімі На прасторы Божым Чыстым сэрцам, вольнай думкай Песьню-казку зложым. Пойдзе плавам песьня-казка Ў сьвет аб нашай славе, Дзіву дасца сьвет вялікі Гэтакай праяве. Хай сьвет знае, што патрапе Без чужых прымусаў Беларуса праца, сіла, Сэрца беларуса.
[1906–1910]
|
|