РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Вочы мае поўныя жывой красы,
Ля ног аж гнуцца травы сакавітыя.
На небасхіле сівыя лясы,
А паміж імі залатое жыта.
 
Ўжо надвячорак. Дрэмле сівы бор,
Як кніжку, вецер лісьцейка гартае.
Туман над рэчкай вэлюм распасьцёр,
Аблічча вод блакітных закрывае.
 
Трывога ў сэрцы, хоць кругом спакой,
Зямля ад сьпёкі сонечнае дрэмле.
Няведамым быцьцём ляжаць на ёй
Сьляды вякоў, утоптаныя ў землю.
 
Зямлі нічога быццам не баліць,
Ад спраў людскіх душой не страпянецца.
Гатова красавацца і радзіць
З нутра свайго, калі вясна прачнецца.
 
Што тут было, зямлі амаль няўцям,
Мінае ўсё у ветра перагудзе.
Галоўнае – пульс вечнага жыцьця,
Галоўнае, што заўтра ў полі будзе.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.