РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
У жыцьці добрае і паганае.
Паміж імі адвечны бой,
Калі верыць, дык у беззаганнае,
Пакланяцца – праўдзе адной.
 
Усё тут важна на нашай планэце:
I бары, і разьлівы рэк.
Усё ж важней тое сонца, што сьвеціць
I сагрэты дабром чалавек.
 
Даўно ведаем мудрасьць гэтую:
Толькі праўдай насупраць зла.
Жыцьцё родзіцца з сонца, са сьвету,
I няма жыцьця безь цяпла.
 
Важна ў сьвеце магутнасьць і сіла,
Ўсё ж важней клічам людскасьці стаць.
Не адных ужо сіла скасіла,
На магільніку дзеяў ляжаць.
 
Мы ня ведаем, заўтра што будзе,
Ў тайны лёсу ніхто не пранік.
Розум часта ня грэе, а студзіць,
I фальшывым бывае разьлік.
 
Ўсё на сьвеце дачаснае, таннае,
З гліны мы і чыйгосьці рабра.
Калі верыць, дык у беззаганнае,
Калі йсьці, дык сьцяжынай дабра!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.