РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Луг прайсьці і ног не намачыць –
гэткае ня кожнаму даецца.
То ня значыць, што умелі жыць.
Гэта значыць, што ня мелі сэрца.
 
Не зайздрошчу вышыні ў жыцьці,
кожны шчыт здаецца мне убогім,
на які хтосьць здолеў прапаўзьці,
да калень не прамачыўшы ногі.
 
З ночы гінуўшых не ратаваў,
ў прорву кінутых не даставаў
                                                                  з прадоньня.
Песень не пяяў, а падпяваў.
Запрытна ўсім пляскаў у далоні.
 
Не ступіў і ног не намачыў,
калі брацьця гразьлі па калені,
не здабыўся на гуманны чын,
калі людзі ў холадзе калелі.
 
Пакрамсалі роднае – маўчаў,
мову забіралі – не пярэчыў.
I хваліў пракляты сьвіст біча,
што Радзіме ападаў на плечы.
 
Выдаваць адважных памагаў,
братні лёс яму быў абыякавы.
Толькі косткі сытай не ўпускаў,
за якую рваліся сабакі.
 
Вечна не намочаны, сухі,
калі б гналі у ясыр і маці,
і тады застаўся бы глухім
голас сэрца не дае багацьця.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.