РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Замерзлымі пальцамі
Белым белы прастор замарожаны,
небакрай чырвоны і залаты.
Толькі шахты чарнеюць трывожна
і зьвіняць на марозе драты.
 
Канваіры глядзяць абыякава –
не ўцячом анікуды – мароз –
неяк мірна прыселі сабакі,
пушысты адкінуўшы хвост.
 
А мароз пранізаў і бушлаты.
Скаваў чалавечы дых.
Твары жанчын амаль барадатыя,
у замерзлых космах, сівых...
 
Цішыня белай сьмерці навокал,
ледзяная суровая бель.
Аніводнай хмаркі высока,
што адчайным варожыць мяцель.
 
Не закруціць сьнягоў, не завее.
Канваіра ў сумёт не кульне.
Ў такт шалёных бунтарных надзеяў
чорных вострых дратоў не парве.
 
Ліпне лом, і кайло пасівела.
Пад сякерай скрыпіць мерзлата.
I згінаюцца чорныя цені.
Цені кіркай выдзёўбваюць такт.
 
Недзе сем'і зажураны ў хатах.
Гэта так незваротна даўно...
На'т бялейшых, чым сьнег,
курапатак
у пагрозьлівы дзень не відно.
 
Сонца вогнішчам смольных паленьняў
зіхаціць, ад яго не цяплей.
Не відно нават дзікіх аленяў
I ў апратках са скуры людзей.
 
Беларусь! Печ у хаце сялянскай,
бохан хлеба на белым стале
і жанчын мацярынская ласка
да ўсяго, што жыве на зямле.
 
Паглядаюць пахмурныя комі
на калоны нявольных жанчын.
Комі, ў скурах, з аленямі, дома.
Ну, а нам – прападаць у начы.
 
Цягне ноч сьнегу шлейф бесканечны,
цягне зьзяньня марознага пас.
Стылых зор, мігатлівых,
                                                      спрадвечных,
амаль столькі ж, як сьлёзаў у нас.
 
О кітайцы, індыйскія парыі,
брацьця-нэгры з далёкіх краін,
за якую такую кару мы
мерзнем тут сярод белых пустынь?
 
Мы зайздросьцім сонейку цёпламу,
долі-мачысе, долі скупой.
Замярзаюць тут сьлёзы кроплямі.
Штык у плечы направіў канвой.
 
Беларусь, Украіна, Прыбалтыка...
Цьвет жаночы – Радзіма і Бог.
Беласьнежныя твары за кратамі.
Закаханыя сэрцы ў дратох.
 
Будзе жыць, хто з пакут гэтых вернецца,
будзе памятаць, хто не памрэ.
Вартасьць кожнага чынамі мерыцца
і законам зямлі і нябёс.
 
Не акажуцца тыя, пад шпаламі.
З-пад зямлі не ўстае чалавек.
Толькі боль, які закапалі мы,
уваскрэсьне, асудзіць наш век.
 
1950
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.