РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Крылаты
Шырокім размахам хвалюючых крыл,
апаўшы ў даліны з паднебных палётаў
арол мне уральскае сонца закрыў,
чырвонае сонца над тундрай гаротнай.
 
Вузкі і шырокі стаў дум маіх край
ў пачуцьцяў сваіх палымяным разгоне.
Я зь ім сустракаю надходзячы май,
чакаю з-над хмараў яго на сутоньні.
 
I сэрца маё замірала ня раз
ад бляску маланкі і грому удараў
аб ім, найдарожшым. А ён у той час
адзін калыхаўся на вогненных хмарах.
 
Ён з бураў варочаўся, як зь перамог,
заўсёды магутны, прыгожы і сільны,
хоць раны ад віхру балелі ў грудзёх
і кроплі крыві дагаралі на крылах.
 
Я дотыкам вуснаў лагодзіла боль,
душою, – што радасьці меры ня знае, –
ўспрымала пачуцьцяў арліных прыбой,
як вольную песьню радзімага краю.
 
Я гладзіла пер'і, сьціраючы кроў;
я сыпала краскі на гордыя крыльлі,
і чуючы сэрца арлінага зоў,
ад сьмелых пяшчот замірала бязьсільна.
 
Так часта з-пад неба арол прылятаў,
сумны адзінотай, ўсхвалёваны боем,
і, крыльлем магутным абвіўшы мой стан,
ў край думаў міражных адносіў з сабою.
 
I я пакахала ягоны палёт, –
дзе можна у хмарах з арламі сустрэцца, –
і сінь гаразенных прыгожых высот,
і верныя грудзі, і сьмелае сэрца.
 
...Адных Бог для шэрых далінаў стварыў,
другім даў гняздо на убогай сасонцы;
мне ж сілаю духа праменнай закрыў
арол назаўсёды і неба, і сонца.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.