РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Ноч апусьцілася крыльлямі чорнымі,
Цьмой атуліла забыты наш дом,
Гасьне іскрынка жыцьця непаўторнага,
Бы ўсё замірае і гасьне кругом.
 
          Ты завядзі да стала мяне, мілая,
          Ад поту халоднага вытры чало,
          На рукі твае абапруся бясьсільна я,
          Толькі б няшчасьце цябе не змагло.
 
Ужо не працуй, я хваробаю зморана,
Лепш ля мяне ты спакойна прысядзь,
Ня ўсё паміж намі ужо прагаворана,
Шмат чаго трэба табе дасказаць.
 
          Глянь, зноў ад поту падушка аж вогкая,
          Руку падай мне, падсунься бліжэй,
          Жыцьцё ўсё было ў нас такое нялёгкае,
          Сёньня, бадай што, яно найцяжэй.
 
Добра разом так сядзець засяроджана,
Нават ў цяжкую хвіліну маўчаць,
Заўтрашні дзень, з хмараў сьнежных народжаны,
Будзеш адна ўжо, магчыма, вітаць.
 
          Толькі ня плач, я чакаціму, мілая,
          Нашай сустрэчы яшчэ на зямлі:
          Сэрца ля сэрца, магіла з магілаю,
          Каб і па сьмерці мы разам былі.
 
Хай запяюць нам вятры беларускія,
Дождж сьлязою абмые крыжы,
Сёньня нялёгкім жыцьцём ганаруся я,
Бо чэсна яго для народа пражыў.
 
Зэльва, кастрычнік 1979 г.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.