РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Сьнег ляжыць вокал суровы і белы,
Хоць добрым слаўцом мяне, мілы, сагрэй,
Рукі ад сьцюжы мае зьледзянелі,
Сэрцу, здаецца, яшчэ халадней...
 
Ў безнадзеі цяжкую хвіліну,
Гдзе ні паглянеш – крыжы і крыжы,
Прыйдзі хоць уявай, прыйдзі успамінам,
Далоні на скроні мае палажы.
 
Каханьне – то з думкамі думкі гамоняць,
Дзеляцца шчасьцем няўлоўным ў цішы,
То вусны на вуснах, далоні ў далонях,
Сьвятасьць у сэрцы і песьня ў душы.
 
Хоць песьняй ўварвіся ў пакоі пустыя,
Нотаю мілай ў бяссоннай начы,
Цудоўная, ўзьнёслая «Авэ Марыя»
Няхай ў адзіноце маёй прагучыць.
 
А я пацалую зноў скроні спацелыя,
Коўдрай прыкрыю, накапаю лек,
Як ў ночы, калі бушавала мяцеліца
I сьцежку да хаты засыпаў нам сьнег.
 
Чало Тваё мудрае ціха пагладжу,
Яшчэ пакладу Табе грэлку да ног.
Я тая ж, такая ж, якую Ты ўбачыў
I болей ўжо выпусьціць з хаты ня змог...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.