РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сьлед на зямлі
Вось і поўнач прайшла. Я яшчэ не заснула:
рой разбуджаных дум адганяе мне сны.
Зноў па хаце маёй пахаджае мінуласьць
і гамоняць са мною старыя часы.
 
Ад падгніўшых бярвеньняў аж хата прысела,
на падворку жывёлы даўно не чутно.
I адзін толькі месяц здалёк ды нясьмела,
як даўней, загляне у малое вакно.
 
Столькі працы было, мараў і спадзяваньняў:
на сялянскім загоне буялі дубы.
Урывалася ў сьцены сьвятое каханьне,
буркавалі каханыя, бы галубы.
 
О, сям'я Генюшоў! Блаславёная хата,
ў твае сьцены калісь мяне мілы прывёў.
На'т вайна захавала цябе, быццам сьвятасьць,
мілы роду парог, каб прыняў ты нас зноў...
 
Спачываюць палі, сьпіць зямля пад сьнягамі,
каб на ёй узрасьці беларускай душы.
Усім сэрцам сваім я зь мінуласьцю, з вамі,
прадаўжаю ваш сьлед на зямлі, Генюшы.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.