Дзе зьвярнуся, сяк і так Баюць мне ў трывозе: Як мядзьведзь ты сьпіш, бядак, У сваёй бярлозе. З гэткіх баек проста сьмех – Рукою махаю; Ці ж бы спаці было грэх?.. Мая хата з краю. Безь яды адзін брат ссох, Другі чахне ў латах, Трэйці з торбай на плячох Кляне так жа брата. Я сьмяюся зь іх усіх, Рукою махаю; Вот сваяцтва – ану іх! Мая хата з краю. Родзе шнур, як там ні сей, Адны недахваткі; Кут нявучаных дзяцей, Хлеба ўжо астаткі. Думак вельмі не сушу, Рукою махаю; Вып’ю, рэдзькай закушу, – Мая хата з краю. Маю родну мову, край, – Кажуць мне так людзі, – Толькі выпрастайся, знай, А твой верх тут будзе! Праўда – штось як чужняком, Кожны мной піхае; Ці ж адным мной? Эй, Арцём, Твая хата з краю! Каб было меней магіл, А вясельляў болей, Кожны рвецца з усіх сіл К сьвятлу, славе, долі... Лезьце, лезьце!.. я ж пры чом? Рукою махаю, Добра мне і пада дном! Мая хата з краю. Гэткім спосабам жыцьця Век свой дажываю, Вось і песьня мая ўся! Як і ўсё, ўміраю. На магілкі і крыжы Рукою махаю, Далі хату – знай ляжы! Але і тут з краю.
[1906–1910]
|
|