РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Сьвітаньняў я з табой не сустракаў,
Не расьсякаў вяслом азёрнай хвалі.
I толькі шморгаў носам аб рукаў,
Калі цябе да дошкі выклікалі.
 
Здавалася, што бачыць увесь клас,
Калі ў твой бок глядзеў я ўнезнароку.
Каб аб сабе напомніць лішні раз,
Па пяць заўваг я зарабляў на ўроку.
 
Што стала мне ты нейкаю другой,
Баяўся і сабе прызнацца ў гэтым.
Ды толькі ўсе чамусьці нас з табой
На кніжках плюсавалі без сакрэту.
 
Ну, а калі кіломэтры за два
Дамоў з аднавяскоўцамі ішла ты,
Як крыўдна мне было, як я злаваў,
Што каля самай школы наша хата.
 
Гады прайшлі.
                              У кожнага свой шлях.
I апынуўся я ня ў роднай хаце.
...З усьмешкай палахлівай на губах
Я сьніў цябе ў студэнцкім інтэрнаце.
 
I вось нарэшце на лістах шасьці
Прызнаўся я табе ў сваім каханьні.
З трывогай «заказное» апусьціў
I атрымаў адказ –
                                      тваё маўчаньне.
 
Дамоў прыехаў.
Кажуць, трэці дзень
Грыміць тваё вясельле (я ж ня веру).
Вянок з гароху хочуць мне надзець
Сябры, як адстаўному кавалеру.
 
Хай надзяюць – мне невялікі страх,
Я з гора пацягну з кілішка троху.
Дык пасядзім з табою мы ў вянках,
Твой з красак палявых, а мой –
                                                                      з гароху.
 
...Хай сьнег гадоў асядзе ў валасах,
Хай будзе мне хоць пяць разоў па дваццаць –
Усьмешкай палахлівай на губах
Ты школьніцай мне будзеш усьміхацца...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.