РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Пралескі
Мілыя, мілыя сінія кветкі,
сьветлай вясны улюбёныя дзеткі!
Кветак ёсьць шмат, што за вас прыгажэй,
толькі, пралескі, вы сэрцу бліжэй...
 
Гляну я ў вашыя сінія вочкі –
і быццам бачу гайкі і лясочкі,
дзе з-пад сьнягоў пазіраеце вы,
мілыя дзеці вясны!
 
Толькі зірну я на вашыя краскі,
ўспомню вясновыя шчырыя ласкі,
ласкі і сонца й нябёс,
песьні, што ветрык прынёс
зь ясных палёў, дзе зямля абсыхае,
сонца дзе з раньня да ночкі гуляе.
 
Вашыя вочкі ў сабе адбіваюць
сіняе неба і хмаркі, што таюць,
будзіце ціхі, родны мне сум,
нібы у лесе вясьняны той шум,
будзіце сілы, што ўзімку драмалі,
будзіце думкі, што скутыя спалі,
будзіце шэпты надзей,
што мне за ўсё саладзей...
 
Поўныя рожавай мглы пералескі
вас гадавалі, красуні-пралескі,
неба вас песьціць, вам сонейка шле
золата кос, пацалункі нясе
ветрык вам весьні... вас любіць вясна,
вас па лясох рассыпае яна.
 
Вы усьцілаеце сьцежку вясьне,
вы яе сымбаль, адзнака яе...
Мо вы таму мне за ўсё й саладзей,
дзеці вясьняных надзей?
 
1921
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.