РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Калыханка
Ноч рассыпала зораў агні,
ў сінім небе яны патанулі.
Вее сон над прасторам зямлі.
Люлі, люлі, сыночак мой, люлі.
 
З гэтых зорных чырвоных агнёў
я спляту прамяністы вяночак.
Над галоўкай павешу тваёй,
люлі ж, люлі, засьні, мой сыночак.
 
Будуць зоры маленькаму зьзяць,
будуць сьветлыя сны пасылаць.
 
Ціша ўсюды і сонны спакой...
Вербы гнуткае вецьце схінулі
над сьцюдзёнаю, зьмерзлай ракой.
Люлі, люлі, сыночак мой, люлі.
 
Я падслухаю шэпты вярбін,
я падслухаю шэляхі ночкі
і ў напеў пазьбіраю адзін.
Люлі ж, люлі, засьні, мой сыночак.
 
Будуць вербы шасьцець, шапатаць,
будуць снамі цябе асыпаць.
 
Як бы плачучы, ў кропельках сьлёз
прыгажуні бярозы паснулі.
Гэта ў перлы прыбраў іх мароз.
Люлі, люлі, сыночак мой, люлі.
 
Тыя перлы-сьлязінкі зьбяру,
наніжу зь іх пацёркаў шнурочак
і на шыйку завешу тваю.
Люлі ж, люлі, засьні, мой сыночак.
 
Будзе зь імі малы засынаць,
ручкай пацеркі-сьлёзы кранаць.
 
Ноч рассыпала зораў агні,
ў сінім небе яны патанулі...
Сьпіць усё, й ты, маленькі, засьні.
Люлі, люлі, сыночак мой, люлі.
 
1924, Слонім.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.