Шлях. Каля шляху лес хілкі. Вёска, дзе лес, і магілкі; Ў вёсцы – зь сьвятліцай хаціна, У хаце – з бабуляй дзяўчына. Там жа паблізку стаяла Гэткая ж хатка бязмала, – Хлопец у хаце жыў зь дзедам, Быў той дзяўчыны суседам. Звалі дзяўчыну Маланкай, Хлопца, чуў, клікалі Янкай; Зналіся змалку абое, Зналі і сёе, і тое. Кожны год цёплай вясною, Ў поле шоў Янка з сахою; Кужаль Маланка снавала, Цэўкі сукала і ткала. Улетку кляпаў хлопец коску, – Шоў луг касіці за вёску; Сена дзяўчына сушыла, Ніўку жаць потым хадзіла. Жыта ляшыў ён увосень Або лучыну біў з сосен; Шла яна бульбу капаці Ці лён часала у хаце. Сані ён ладзіў зімою, Ехаў ці йшоў ў лес зь пілою; Часам яна ў лес хадзіла Ці на таку малаціла. Далей, ня так ужо далей: Янку кудысьці пазвалі, Там пасадзілі за штосьці, Не адпусьцілі і ў госьці. Болей яго я ня бачыў; Чуў, што ня вельмі там скача, – Нешта капае, валоча, Ждучы ўсё сонейка ўночы. Ну, а дзяўчына?.. Э, што там! Збаю калісь аб ёй потым... Людзі ж казалі, што Янка Вельмі любіўся з Маланкай.
1911
|
|