РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Зімовая ноч
Загарэліся зоры агнямі
на палотнах нябеленых хмар.
Дзесь высока, высока над намі
поўнач б’е невядомы званар.
Змрок зімовы калышацца нізка
па лагчынах, сівых хвайнікох, –
ткаць нам дзіўную казку ўзяліся
ноч
і ціша,
і месяц – утрох.
Туманамі, што таюць, ірвуцца,
усплываюць над здані хваін,
мост з праменьняў плятуць, каб даткнуцца
ў небе вытканых зорных тканін.
А каб сум па нябёсных прасторах
кажны й тут супакоіць бы мог, –
запаляюць мільённыя зоры
у прадонных зімовых сьнягох...
 
1932
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.