РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
У задушкі
У вогкім ад дажджоў паветры,
паміж крыжоў – туманных зданьняў –
міргаюць сьвечкі жоўтым зьзяньнем
на хваравіта-ўпартым ветры.
 
Няма ўжо вас... Вы там, няўрокам,
дзе сьвецяць зоры сэрабрана,
дзе чарнатканыя туманы
хаваюць дзень... Вы дзесь далёка...
 
Нядаўна й тут вясна нясьмела
цьвіла, дымела срэбрам далеч,
і над крыжамі красавалі
каліны пышна, пахка, бела...
 
Нядаўна й тут зьвінела лета
ў гарачы поўдзень гудам пчолаў,
і пахла мёдным пахам зёлаў
з магілаў, косамі прыгрэтых...
 
А сяньня вось, з упартым ветрам,
стаіць асеньні змрок над вамі,
і плача вецер над крыжамі
у вогкім ад дажджу паветры.
 
Няма і вас... Дзе вы? Ў нязнаным...
Ці лепей вам, ці там мо горай,
вы нам ня скажаце, й з пакорай
прымаем вашае маўчаньне.
 
Гады ці дні – й над намі ласка
жывых, трымцець тут будуць сьвечы,
ды вецер на крыжох нявечыць
зноў будзе,
                        нашыя ўжо,
                                                  краскі.
 
1934, Хэлмна.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.