Дзень устаў яснай цішай над сьцішаным полем асеньнім, усьміхнуўся пажоўклым асінам празь сіні настылы туман, растапіў асьцярожна ў барознах залеглыя сьцені, а тады... зашумеў у лазе, балазе загулялы цыган. Закруцілася слупам рыжавым іржавае лісьце ігрушаў, загула разнаструнна над руняй іглістай імгла, ўсё ён, дзень, у палёх пагартаў, расьцягаў, разварушыў, пахам восеньскім, моцным, урочным упіўся, відаць. На пажоўклыя дрэвы з напевам хрыплівым зваліўся, пакрышыў, пераблытаў пабітыя пальцы сукоў, а пасьля... уздыхнуў і уміг перасьціх, занямеў, засмуціўся, лёг на ўзьмежку нязручна ў анучах зрудзелых лістоў... Так і ў нас перасьціхнуць калісьці, як лісьце, парывы, змаганьні, прамінуць усе праўды, папраўдзе парвуцца, як ніць, азірнёмся назад на бязладныя сьцені, хаценьні, жаданьні, ляжам з восеняй сьлёзнай ў барознах сьлізкіх супачыць...
1936, Равіч.
|
|