РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Ночныя гадзіны
Ліжа страх нежывое аржоньне
і хінецца да межаў рызманых.
Сенажаць балацяная тоне
ў фасфарычна-зялёным тумане.
Ледзь кульгаюць самотнай дарогай
здані бурыя – вольхі старыя.
Пуста, вусьцішна й глуха...
Нічога,
зараз цемра ўсё чыста пакрые.
Ноч расьцягне паўцені на межах,
пачарніць фасфарычныя хмары,
вецер песьняй глухою, начлежнай
разварушыць альшэўнік няздарны,
пойдуць вольхі самотнай дарогай,
а над шляхам іх цёмным, нізінным
белы месяц бліскучым нарогам
ноч парэжа на скібы-гадзіны...
Паплывуць яны, ночы гадзіны,
недзе ў цемру бязмэтнай штафетай.
Не стрымаеш, ня вернеш, ня спыніш
іх – нязнаныя дзеці сусьветаў...
 
1936, Равіч.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.