РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Ахрысьціў мяне нехта ў зялёнай дуброве
Не ў царкоўцы малітвай, сьвятою вадой –
ахрысьціў мяне нехта ў зялёнай дуброве.
Як паганін,
я пушчы пяю залатой,
разумею палёў васільковых размовы.
Да мяне
не зь імглой, не з мутой ручаін
надыходзіць вясна і ня сьнегам счарнелым, –
мне сьмяецца яна жоўтым пухам вярбін,
срэбным звонам жаўронка ў палёх зарунелых.
Не сьпякотаю й лета мне дыхае ў твар,
не вятрамі красу абівае з чарэсьняў, –
каласістая ніва –
адвечны пясьняр –
залатыя, гарачыя сьпеліць мне песьні.
Восень зноў
не залой, не сьцюдзёным дажджом,
не тугою цягучай душу маю раніць, –
мне яна павучыньне пляце над мяжой,
сном ціхім на сівое кладзецца аўсяньне.
I зіма –
не марозамі страшыць мяне,
не сьляпою мяцеліцай засьціць мне вочы, –
над сьнягамі, на сінім нябёс палатне,
распаляе яна сэрабраныя ночы...
I заўсёды,
заўсёды паганскай жудой
маё сэрца сьціскаецца ночай зімовай.
 
Не ў царкоўцы малітвай, сьвятою вадой –
ахрысьціў мяне нехта ў зялёнай дуброве.
 
1936, Равіч.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2017. Беларусь, Менск.