На дне агню танцуюць саламандры, блукае прывідамі шэры дым па небе, як алень па чорных лядах, між зоркамі губляючы сьляды. Надыдзе дзень. Паснуць агні і зоркі, любоў аддаўшы людзям і зямлі, павырастуць з палёў капцы-пагоркі, балючыя, нібыта мазалі. Як людзі ўмерлі, не сказаўшы штосьці, так і яны дзірваньнем зарасьлі, і толькі птахі ды зьвяры – іх госьці у час чырвонай золкавай расы. Араты прыйдзе, кіне рупным вокам, адчуўшы сум і боль нямых капцоў, зямлю ўзарэ і шчыра, і глыбока, збудзіўшы жрыц паганскіх і жрацоў. Іх ноч засьцігне разам за бяседай пра гэты час і пра тутэйшы люд, і ў белым жрэц прамовіць: – А я ведаў... Забылі нас і занядбалі тут.
|
|