Лёс мне казаў сяньня быць амазонкай, меч даў у рукі, а сэрцу адвагу, годзе сьпяваць па сасоньніках гонкіх, годзе зьмярканьні абдорваць увагай. Сьмела наперад, ня ў сонечны вырай, як бы ні вабіў ён мёдам і хлебам, але праз шэры трыпутнік і пырнік бацькаўскай сьцежкай, радзімаю глебай. Сьмела наперад, насустрач лагчынам, вольхам, апырсканым травенскай цьвіляй, хмарам пярэстым, падзеям і чынам, дзе пехатою, а дзе і на крыльлі. Іх не зламала нам горкае ўчора, іх нам ня зможа й змагарнае сяньня. Сьмела наперад, хай рэха уторыць нашаму маршу па сьцежках жарсьцьвяных. Клікаць жыцьцё, жыць пустою надзеяй сьмешна, пакору час пылам распыліць. Сяньня мы самі жыцьцём паланеем, сяньня мы самі – надзея і сіла. Сьмела ж наперад, ня ў вырай прывольны, як бы ні вабіў ён мёдам і хлебам, але па нашую ўпартую долю, птушку, што ўсё йшчэ лунае ў паднеб’і!
1944, Менск.
|
|