РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Рабіна
Асыпала попелам сыпкім зьмярканьне
вакно і паперу, пяро і мяне...
Пад небам зімовым
над шэрым парканам
рабіна галіны шкляныя хіне.
I столькі спакойнае, простай пакоры
прад лёсам зь вятрамі ды сьцюжай у ёй,
што гасьне імкненьне падзеі паскорыць
і цішаю поўніцца сэрца
                                                    й маё.
I хочацца шрэняй ахутацца срэбнай,
таксама хістацца на ветры й чакаць
ізь верай глыбокай –
аж зь сіняга неба
хлыне на зямлю залатая рака,
аж сокі густыя закружаць у жылах,
аж сэрца заб’е ў залатыя званы
і сном недасьнёным растае ў расьцьвілых
далечах
туга
прад абліччам вясны!
 
1945, Бэрлін.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.