Іржавым пяром на балонах лісьцін кладзе лістапад свой раскідзісты росчырк. Праймаюць і смутак і золь да касьці, няма ім упынку ні ранінем, ні змрокам. Гэй, вятры, вятружыны – завірухі, засыпайце лужыны белым пухам, пад глухія тэрцыны цёмных хвояў, леце, леце ў сэрцы нам белы солад. Паслухалі ветры... «Лявоніху» йдуць па шэрым памосьце іржышчаў ды лянішч, распырскваюць зь песьняй балота, ваду, як быццам пад’елі дзе ўсмак дурнап’яну: «Ой, Лявон Лявоніху маладую, сваю ўцеху-сонейка не шкадуе, як прыцісьне пруткую, пойдзе ў скокі, вірам хата круціцца сінявокай!» Імклівей, імклівей, шпарчэй і шпарчэй, рагочачы, скача над гурбамі вецер. Гадзіна, другая – і скрозь разатчэ ён срэбрам ды беляй і нівы і вецьце. А тады усьцешыцца: «Й я ня зломак», усьміхнецца месяцу залатому, усьміхнецца хвойнікам і дубровам, як Лявон Лявонісе чарнабровай.
1945, Рэгенсбург.
|
|