Ўстань ты, старонка, родная маці! Годзе зімовага рабскага сну, Годзе табе ўжо сьлёзна ўздыхаці, – Выйдзі на поле, на сенажаці, Выйдзі спаткаці вясну! Скінь лахманы, што доўгія векі Ты валачыла з кастры, з палыну; Выйдзі з-пад дзікай зімняй апекі, Што над табою строіла зьдзекі, – Выйдзі спаткаці вясну! Вырылі сьцюжы віхрамі, сьнегам Яму глыбоку табе не адну; Сьнежныя наспы мела начлегам... Глянь, сьнягі таюць, рэчкі йдуць бегам... Выйдзі спаткаці вясну! З поўначы сівер кідаў табою, Як абадрану зь лісткоў галіну; З захаду зьверы йшлі чарадою Рваць твае грудзі... Выйшла жывою, – Выйдзі ж спаткаці вясну! Дзетак тваіх скрозь крыўдай сьляпілі, Мучылі, гналі бяз часу ў труну, Казак вучылі, што ты ў магіле, Толькі ж бліск сонца здраду асіліў – Выйдзі спаткаці вясну! Ясна, сьвяточна ў красы ўбярыся, Птушкай свабоднай сягні ў вышыну З сонцам злучыся, зорамі йскрыся, Песьняй расьпейся, славай акрыйся, Выйдзі спаткаці вясну! Сплецену зь церняў маеш карону, Хорам твой – неба і нівы краса, Царства ў чатыры дрэмле староны, Слугі – мазольных рук міліёны... Выйдзі... Чакае вясна!..
1912
|
|