РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Папросту
Простым мы словам зь сьветам гаворым,
Песьні аб цяжкай творым нягодзе,
З думкамі рвёмся к сонцу і зорам,
          Рвёмся к свабодзе.
 
Простая нашых прадзедаў слава,
Хоць апаганена мудрым чужынцам;
Шлі, ідзём далей ўлева ці ўправа –
          Простым гасьцінцам.
 
Сьвет там выдумкі хітрыя знае –
Троны, кароны, вісельні, кулі, –
Выдумаць гэта мы ў сваім краі
          Неяк мінулі.
 
Летась нягодна, сёлета горай
Проста жылося, проста жывецца,
Красьці ж ня пойдзем, хоць у каморы
          Кожны к нам прэцца.
 
Нас гадавалі віхры і ночкі,
Крыўдай паілі нас ад пялёнкі –
Толькі ж папросту мы ня йшлі ўпрочкі
          З роднай старонкі.
 
Хочам папросту, каб лепш ручыла
Нашым хацінам, нашым прыплодам,
Каб стаць раўнёю славай і сілай
          Іншым народам.
 
Проста жывём мы, як доля лучыць,
I крывадушыць не прабавалі...
Просім папросту: кіньце нас мучыць,
          Ляхі, маскалі!
 
1912
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2019. Беларусь, Менск.