РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сваякам па гутарцы
Шлю вам песьняй, братнім словам
        Здароўканьне, людзі:
Не гасіце веры, што вам
        Жыцца лепей будзе.
 
Вы ня зломкі, вы ня зноскі,
        Вы народ магучы:
Ваша панства – вашы вёскі,
        Пан ваш – труд жывучы;
 
Ваша слава не ў палацы,
        Не ў княжацкай мітры,
А на роднай ніве, ў працы
        Карыснай, няхітрай.
 
Вашы скарбы не ў ядвабнай
        Магнацкай саеце,
А Ў сярмязе непавабнай,
        Старшай на ўсім сьвеце.
 
Вашы рукі хоць а біты –
        Пясок на іх значан,
Але хлеб, імі здабыты,
        Для ўсіх бел і смачан.
 
Слава вашай гэткай сілы
        Вочы ўрагам коле,
Сьведкай – сьвежыя магілы,
        Што сыпе няволя.
 
Сьведкай – прадзедаў шкілеты,
        Курганы з кустамі,
Сьведкай – песьні воклік гэты,
        Сьведкай – вы зь сьлязамі.
 
Дык хай жа вас не асіле
        Зьверства непагоды,
Распусьціце сваё крыльле,
        Як і ўсе народы.
 
Рухне крыўда, праўда ўстане,
        Ворагаў адстраша,
Будзе долі панаваньне
        На зямлі на нашай.
 
[1906–1912]
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.