РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
У ночным царсьцьве
Скрыпяць трухляцінай асіцы,
Над курганамі зьвяр’ё вые...
Гасьцінцам, церневай пуцінай,
У ёрмах, скованы, скацінай
Ідуць нябожчыкі жывыя.
 
Ідуць, ідуць... Сярод пустыні
Хрусьцяць надломаныя косьці,
I качанеюць ногі ў ціне,
I чахнуць вочы ў павуціне,
А шлях – як точаныя восьці.
 
Перад вачамі глуш нямая,
I плач, і скрогат за вачамі;
Пракляцьце ў жылах кроў сьцінае,
Душу бязьсільле вынімае,
Гняце зьмяінымі кляшчамі.
 
У грудзі, здаўленыя здрадай,
Упіўшысь, рабская трывога
Шыпіць хаўтурнаю загладай;
На небе толькі як прынада,
Бялее млечная дарога.
 
То там, то сям запаланее
Іскра над скованаю шыяй;
Наскоча пошасьць трупавея, –
I царства ночнае шалее,
Над курганамі зьвяр’ё вые.
 
[1906–1912]
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.