РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Над морам
Ня ўсё ж адно рабіць...
                                                  Хай пальцы адпачынуць,
а вочы ўзьнімуцца вышэй хісткіх антэн
у чырвань, золата і сіню, сіню
ці неба, ці вады, дзе сьцені ўсё гусьцей.
Шалёны акіян,
                              пан тайніцаў прадонных,
з глыбінямі – магіламі культур
памерлых, аб якіх ня баяць баек,
                                                                        сёньня
загаслы і дзіўны лёг супачыць пад мур
нябёсаў, дзе гараць ужо
                                                      і гаснуць зоры –
камусьці кіненая жменя медзякоў.
Суладна і ў мяне на сэрцы... морак
вячорны і яго працяў наскрозь.
Я слухаю ізноў із прагай... цішу,
як сьпеў сірэн лавіў калісьці Адысэй.
I кажны іншы тон чужы мне сяньня, лішні,
хіба... каб перапёлкі голас па расе...
Каб косаў звон хіба,
                                            калі размахам цесна,
а целу радасна крывёю паланець...
Ці жніўная туга, заклятая у песьнях,
і жадная вада ў гладышыку на дне.
Дарма... Пяе прастор аб нудных даляглядах,
аб тых, чыю яны загойдвалі тугу,
аб лябірынтах скал, Калхідах, лядах
абтокаў казачных,
аб харастве лагун.
Нат ночы не згасіць аркестры стройнай мора.
Прыслухайся – гудзе смыком віяланчэль,
а скрыпак галасы зьвіняць высока, ўзгорна,
як над чыёй труной, аж уваччу пячэ.
Што ж, хай сабе плыве сымфонія ў сутоньне.
На сяньня і жыцьцю і музыцы – бывай.
А ўраньні кажны гук патоне ў жудкім гоне
трансьмісіяў і кол...
Пайду я – працаваць.
 
1950–1952
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.