У карчме прыдарожнай, старой, як асінавы пень, Можна верш напісаць, звонкі і залаты, як манета... Ды манету прап’еш. Ну а верш – неадвязны, як цень. Ён у сэрцы дрыжыць, як страла. Ён з чужога сусьвету. У сырым сутарэньні, адкуль край магілы відзён, Можна верш напісаць, быццам зорку прыўлашчыць малую. Толькі зорка пагасьне... А верш – бласлаўленьне й праклён – Ён з табой назаўжды, як на скуры агню пацалунак. Можна верш напісаць у дарозе, у доме, у сьне, Можна выплакаць словы ці вычуць у сьпевах сьвірэлі. Толькі тут... Толькі ў гэтай суцэльнай, вялебнай мане Верш такі недарэчны, як мнішка у танным бардэлі.
|
|