Сыходзіш ты туды, скуль не прыходзяць, Але сваіх не забярэш сьлядоў... О год! такіх, як ты, час рэдка родзіць, О год! ты першы гэткі зь між гадоў. Прыйшоў ня з згоды і свабоды весьцяй I – не ўзьвялічыць праўду між людзьмі, – Жыцьцё мільёнаў ты прыйшоў затрэсьці, Шлях вымасьціць свой трупамі, касьцьмі. Кастлявай зморай з гібелі сталецьцяў Ты, як пракляцьце, будзеш вызіраць, I будзе маці страшыць табой дзеці, Ды клікаць той – хто ўздумае ўміраць. «Не забіваці» – ты стрывожыў права, На сэрца і душу наклікаў цьму; Людзей на зьвераў пошасьцяй крывавай Ператварыў і здаў насьледніку свайму. Га! Хай жа льецца кроў, дымяць пажары, Няхай пад крыжам плача сірата! Крывавы бог крывавыя ахвяры Сабраць павінен зь сьвету дачыста. Аж прыйдзе іншы год з рукою лёгкай Агледзіны рабіці новых дзён, Дзе меч нявідзімага Бога-рока Напіша бескрывавы свой закон.
1914
|
|