...але вочы іх былі стрыманы,
дык не пазналі Яго.
|
Паводле Лукі сьв. Эвангельле
|
І была там вясна, як наша, хай ня лозы цьвілі, а міндаль: распалялі зялёныя пашы весьніх красак пурпурны вугаль, па далінах бляялі ягняты, маткам тулячыся да ног, і буйных белых зор зярняты рассыпалі лілеі ў лагох... Срэбна-шэра курэў гарэшнік, шнур алівак і вінных лоз... А вясьне напярэймы, сьцежкай, ціха йшоў уваскрослы Хрыстос. Сам – нясьцерпнае зьзяньне – у зьзяньні, сьмерцяй сьмерць растаптаўшы ушчэнт. Ён ішоў, і нязгойныя раны на чале ірдзянелі яшчэ... У дзіўным, у сьвятым захапленьні Богу-Сыну малілася ўсё – агародж прыдарожных каменьні, маладых ячмянёў каласьсё, цёплы вецер, што згортваў з дарогі вір пялёсткаў... і сонечны пыл... і трава, што прабітыя ногі цалавала, схіліўшы сьцяблы... А пасьля – пацягнуўся шляхамі, ў скрыпе рогату, крыкаў, калёс, і народ... Толькі хто зь іх, няўцямных, знаў, што побач – ускрослы Хрыстос? Праплывалі, сьляпыя, міма Боскіх цёплых, пясьцівых рук юнакі з залатымі вачыма, сьцені старцаў, сагнутых у крук, ды ніхто не схінуў каленаў, да далоняў сьвятых не прынік, хай прад сьцерплай ад сьлёз Магдаленай на імгненьне і ўзьнік Садаўнік. І ніхто не азваўся: «Равуні», сам ня верачы ў шчасьці вачам, смарагдовых пальмовых галінаў наламаўшы, ня выбег страчаць... Падцікаўся нячутна вечар, сіні змрок... I ня бачыў ніхто зь недарэчных сыноў чалавечых, як мінаў іх, раз сто, Хрыстос, як ішоў Ён, схіліўшы на грудзі, сьветлы твар Свой, паўзь весьняй хвалы... Гора, гора, о гора вам, людзі, бо і сяньня сьляпыя вы!
1958
|
|