РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Ня першыя
Зноў восень...
Свая ўжо...
Зноў журам загуслым
сівее вада, абляпіўшы прычалы...
Узноў, як ні трэш, праступаюць на хустцы
ўспамінаў
часіны, зь якіх пачыналі.
Ня першых
сюды нас кон зь ветрам прыгушкаў,
выгнаньнікаў з торбаю, сэрцам і кіем,
з прыдушанай мовай,
адзінай, што душы
адныя адным адчыняе.
Такія,
ня першыя,
мы запынілі пагоню
натоўпу чужога за ўдачай і хлебам,
у ходзішча ўросшы,
з душой пад адхонам,
зьляканай усьмешкай...
Ня першыя, дзе там!
Паўвека таму, над густою вадою,
стаялі, як мы тут,
дзядзькі з-пад Налібак,
дзяўчаты з-пад Шчары грамадкай рудою
й дзівіліся шчыра нязнаным сялібам.
Расьлі аж у неба камлі небасягаў,
на пядзю ніжэйшых, мо праўда, як сяньня,
ды ўсё ж недасяжных вачом і развагам
іх, гэткіх звычайных, жытнёвых, аўсяных,
што ўчора
нагбом, набрынялаю жменяй
асот і куколь з каласамі зразалі,
рыпліваю сошкай гарнулі каменьне
і роднаю песьняй разгойдвалі далеч.
Трымцелі калені ад тыдняў пакуты
на хвалях,
няхоцькі сьлязіліся вочы.
Стаялі й сачылі,
як кагаркі скрутам
кідаюцца ў морак,
крыльлё у ім мочаць.
Шарэлі карэлыя, ўбогія клункі
пад першым сутоньнем у новай айчыне,
і горкаю кагаркай плакалі думкі
па згубленай,
гэнай,
што з сэрцаў ня скінеш...
А сяньня зноў – мы...
А назаўтрае – мерка
яшчэ... і яшчэ (хто ж бадзягаў запыніць?)...
Аж хтосьці, калісьці,
апошні ўжо,
зьмеркам
прыльгне да сьляпога,
апошняга тыну.
 
1963
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.