Зноў Дваццаць Пяты Сакавік, Дзень Беларускі, наш, усіхны. Зайграў Ён павадкай крыві калісьці ў нас, і граць ня сьціхне! Хай Ён усьцяж яшчэ ня наш, I Беларусь хай пад адхонам, – інакшага у нас нямаш, каб за Яго маліцца Кону, каб за Яго ўзьнімаць з тугой вянкі далоняў, вейкі, сэрцы, каб так, як мы тут, на Яго чакаць, наўсуперак няверцам. Ці ж дзіва, што не ў лістапад Айчына ўскрэсла, а увесну, калі вятры імкнуць наўзгад, а ў кратах рэбраў шчасьцю цесна, калі зялёны, цёплы сок спружыніць парасткі й галіны, а першы вырай у крысо нябёс урэзваецца клінам, калі такая ўсюды сінь, аж вочы ў зьзяньне ўзьняць няможна, о, Беларусь, – чаго маніць – Ты з намі ўсьцяж, у думцы кожнай, бо зноў на сьвеце сакавік, зноў Сакавік у снох усіхных. Нязрыннай павадкай крыві Ён грае ў нас і граць ня сьціхне!
1964
|
|