Памяці кампазытара Міколы Куліковіча
|
Яшчэ адзін із нас дапяў, як мог, канца... Пайшоў... Ня вернеш... Ды пакінуў песьні. Хай Творцы ўжо няма, – як рэзвы вецер весьні, – нам іх не запыніць, ім крыльляў не прыцяць... За іх апошняй ніткаю чаплялася жыцьцё Ягонае, яны – зьнялі свайму музыку з грудзей апошні камень, іх ён клікаў, ужо нямы, набыўшыся ў гасьцёх у мачахі-зямлі... А у мястовай мгле ўставала дзіўнае крыху, хай сплаканае раньне, і вецер золкі места больш ня раніў, а нейкаю ціхой лагодаю пылеў. На сьвет бо ўжо вясна зьбіралася: сьнягі плылі уздоўж дарог нітамі ручаінаў і плечы радасна, чакаючы пачыну, распроствалі сады, і руні, і лугі. А Ён – любіў вясну, хай мескую, зь лядком вячорных лужын, з капяжамі, з новым уздымам сілаў творчых, зь перазвонам сугуччаў новых, весьніх, за вакном. I вось – яшчэ адну, апошнюю, пражыць ня собіла музыку... Недзе ў нейкай далечы, накшыя над ім заходзяцца жалейкі, інакшыя яму сьпяваюць крапяжы... Ён – адышоў ад нас... Яшчэ, яшчэ адзін, што над будзённасьцяй, над шэрасьцяй, стаялі, што жыць ня ўмеў, што ўдосыць крыўдаў, жаляў напіўся, хай яму іх талент саладзіў... Але... Няма музыкі... Ён – дапяў канца... Але жывуць, зьвіняць, гучаць музыкі песьні. Ня дайма ж ім няпамяцяй і плесьняй накрыцца. I – як Ён сканаў – сканаць!
29.XI.1970.
|
|