Як вокам скінуць – сьцяг пушчаў сініх... За пушчай далеч, яшчэ сіней... А тут, на ўзвышшы, стаіць над намі наш Крыж прыгожы, маўляў у сьне... Шмат чулі сьвету крыжы маленьняў, шмат просьбаў, выкліканых бядой. Прыйшлі й мы ў прошчу сагнуць калені, сьвяціць ня нечы ўжо крыж, а свой. «Зрабі свабоднай, зрабі шчасьлівай краіну нашу», – маліўся хор, і ўторыў натаўп, і сьпелай нівай хіліўся, ветру наперакор. А вецер дужаў, кудысь аблокі зусім па-восеньску ўжо плылі. Маўчала прошча, унізе ж далёка сінелі зарасьнікі й палі. «Магутны Божа», – бяз слоў прасілі мы ўсе, а, рукі узьняўшы ў выш, стаяў нязрушна на ўзгорка схіле ён, гэткі родны ўжо сэрцу крыж. Тут – дождж імгненна каменьне спляміў, рассыпаў кроплі ў траве, ў лісьці... Няйнакш – і Нехта дзесь там, над намі, наш Крыж вадою сьвятой хрысьціў.
1988
|
|