РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Таей даўгажданай
Чакаў яе, чакаў з трывогай,
Лічыў хвіліны неспакойна,
Чакаў... І не прыйшла нябога.
Не захацела быць так гойнай.
 
Што ж, не прыйшлося маім думам
Быць явай радаснай, жаданай;
Сам застануся з сваім сумам
Лячыць нязьлечаныя раны.
 
Пачну адвечную бяседу:
Паклічу верных сваіх другаў –
Яны, як добраму суседу,
Акажуць шчыру мне паслугу.
 
Мой першы друг – бязьмежна гора, –
Ня скупіць мне сваёй апекі, –
Душа яго, як тое мора,
Што ўсе ў сябе ўбірае рэкі.
 
Мая сама вярнейша дружка,
Мяне ня здрадзіўша ніколі,
Нядоля – беспадобна служка,
Мая пацеха дома, ў полі.
 
Яшчэ, яшчэ нямала маю
Такіх дружкоў, бы ўвесну цьвету,
Іх тутка я не вылічаю, –
Нашто дарма хваліцца сьвету!
 
Вось як яны усе сыйдуцца
Ў маю сьвятліцу – маё сэрца, –
Імглою вочы прыбяруцца,
Душа на жальбу абапрэцца.
 
І блісьне першая сьлязіна,
За ёй апошняя заблісьне, –
Абедзьве па табе, дзяўчына,
Што я чакаў так бескарысьне!..
 
1915
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.