РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сыйду...
Сыйду са сьцежкі я тваей,
Як цень зь няведамага краю,
Хоць і ня вырву ўжо з грудзей
Таго, з чым жыці сіл ня маю.
 
Судзіла доля мне сустрэць
Цябе, як казку негадану,
Ды не судзіла доля мець
Пацехі з гэтага жаданай.
 
Пракляцьце нейкае вісіць
Над лёсам марным і сірочым
Ды рве і рве за ніцяй ніць,
Якія з шчасьцем злучыць хочуць.
 
Нявольнік дум сваіх і сноў,
Сябе самога раб няшчасны,
Я скрозь жыцьцё адзін сам шоў,
Пуціны не зазнаўшы яснай.
 
I думаў, што ўжо скаваў лёд
Мне ўсе жаданьні і парывы,
Што дажыву я сваіх год,
Па-свойму вольны і шчасьлівы.
 
Так думаў... Сталася ня так –
Душу збудзіла дзіўна зьява:
Чагось жадаць пачаў бядак,
Штось згледзеў больш, як сьмерць і слава.
 
Інакш забілася ў грудзях
Сьляпое, прыспанае сэрца, –
Зьмяніў на кветкі церні шлях
I думаў: шчасьце ка мне рвецца.
 
Але здалося гэта ўсё,
Быў сон, а ява засталася,
Надзеі зорка ў небыцьцё,
Як здань жывая, праняслася.
 
Зноў сам адзін, як блудны цень,
З далёкай вырваны каметы.
Ідзі, брыдзі і ноч, і дзень,
Навек згубіўшы ўсе прасьветы.
 
Каб мог душу ўзяць, паказаць,
Каб мог сабе сам вырваць грудзі,
Тады б мо' ты змагла паняць,
Чаго паняць ня хочуць людзі.
 
Тады б мо' каменем цяжкім
Маёй душы не надзяліла,
Над сэрцам мела б жаль маім
Ды і ўздыхнула б над... магілай.
 
1915
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.