Блудзіў па вуліцы я тэй, дзе сустрачаў яе, Яе – ня ўцямлю – шчасьце ці сваё няшчасьце... Час быў такі, калі ўжо першы певень устае, А злодзей сьмела з ложа выпаўзае красьці. На небе месяц бледны, як нябожчыкавы твар, З-над воблакаў сьцікаўся, быццам бы ён шляху Свайго ня мог знайсьці паміж расплаканых там хмар, Ці, каб стуль не зваліцца, блукаўся так з страху. Паволі горад на сябе ўскладаў аковы сну, Сьвятло ў акнах адно ўсьлед за адным канала; Дзе-недзе ржавы ключ пужаў скрыготам цішыну Ды спозьнена павозка дзіка ляскатала. У дроце, што паміж слупамі віўся густа ўдоўж, Як бы напяты былі там людскія жылы, Гудзеў, заводзіў вецер, бы па дроце рэзаў нож; Як вісельнік, выў, вырваўшыся з-пад магілы. Здалёку ад чыгункі данасіўся сьвіст-выцьцё, Упіваючыся ў сэрца вытачанай стальлю, Як бы з тым сьвістам адлятала шчасьце і жыцьцё. Ці гінуў нехта наймілейшы там – за дальлю. Аб сьцены рэха стукалася ад хадзьбы маей, – Цагляны мур сачыў за мною безупыну; Цень ад ліхтарняў мой ўсё то даўжэй, то карацей Выцягваўся, дваіўся, то зусім дзесь гінуў. Лічыў за крокам крок я й пазіраў ўвакруг, як здань, На заміраючы да заўтра горад грэшны, І чуўся я, як здрадай схопленая ў клетку лань, - Такі бязьсільны, пазабыты, безуцешны! За думкай думка джалам сьвідравала галаву: Што ёсьць, няма, – судзіў суды і перасуды, І думаў ўсё: за што, нашто сябе на часьці рву, Калі за гэта маю толькі камняў груды? Так сноўдаўся па вуліцы і сам згараў ў сабе... ...Іду і чую: тут з-за муру, ў сутарэньні, Рагоча музыка, як сумашэдшая ў кляцьбе, Пад музыку – бразджаньне ног, грудзей хрыпеньне... I жудка стала!.. Ёсьць жа яшчэ людзі на зямлі, Што могуць дзіч сабой зьмяніць і весяліцца, Ня бачачы сваіх бяспутнасьцей, што іх змаглі I душаць адусюль, як зьмеяў навальніца! Зь нявольніцай нявольнік тут танцуе на забой, Пад зьдзекам рабскія свае сагнуўшы шыі, А там, на акрываўленых палях крывёй людской, Нявольнік для нявольніка грабніцу рые. Стыд спанаваў мяне, што я на вуліцы тэй быў I аддаваўся нейкай візьі ўсёй душою, – Тым горкім думам аб сабе і сэрцу тым, на зьдзіў Так заўладаўшым маім сэрцам-сіратою.
1915
|
|