Музыкам фальклёрна-этнаграфічнага гурту «Сьвята»
|
Не! Ня зьвёўся, не сышоў Зь Беларусі дух народны, Грай музыкаў-сьвятароў – Як вятры зь сівой Гародні, Як нябесны гул званіц Над нямымі курганамі, Не, народны дух яе зьнік Нават з продкамі, ён з намі. Грайце ж, хлопцы-сьвятары, Адраджайце сьвята ў людзях, Бомы хай, як сьнегіры, Звонам прашчураў абудзяць. Адгукнуцца курганы, Акрыяюць песьні ў вуснах, Хлопцы, ну, калі ня вы, Хто ж адрозніць беларусаў? Пілігрым з чужых краін? Ці залётных птахаў вырай? Але гэты край ня іх, Таму й песьні іх няшчыры, Хаця гусьлі на грудзях Да Купалавых падобны, – Сьпеў жа таньней за мядзяк, Крывадушны і падробны. Разьвянчайце гэты фальш, Няхай будзе чыстым сьвята, Як Дняпро крынічны наш, Як сьвятло палескіх хатаў.
|
|