РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сталасьці пара
Касяк гусей над борам парадзеў.
Сумуе бор пад крак сыты качыны.
У рыжай верасовай барадзе
Прабілася сівінка павуціны.
 
Ураньні сонца выліла агонь
На хіб шчаціны хісткага аеру.
Схавалі хвалі хліпкія яго –
Ён іклы зноў зялёныя ашчэрыў.
Раве сярдзіты вецер, як бугай.
Дзень добры, восень шчодрая, пазная,
Калі здалёк
                          і лес,
                                      і бор,
                                                  і гай,
I быльняжынку кожную пазнаеш.
 
З сабою чарнавокую бяры
I можаш сьмела зь ёй у восень крочыць.
Табе асьветляць шлях праз гушчары
Калёны клён
I ясень ясны ўночы.
 
Зірні ў надлужжа – у вачох ураз
Забарабаніць ад рабой рабіны.
Нагні – цягуча гнецца вязкі вяз
I крышыцца крушаная крушына.
 
Ды раптам сакавіта храпне граб –
Успыхнуць росаў зыркія вясёлкі.
Дрыжыць чарот – на досьвітку празяб.
А на губах гарчыць ад ёлкай ёлкі.
 
Ты вызначаеш памаладзі лёс,
Пазная восень –
Наталеньне смагі.
Кіруеш умалоту хмарны воз,
Пара спакойнай сталасьці й развагі.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.