Абнімі ты мяне, маладая, Абніманьнем гарачым, агністым, Дый памчымся ад краю да краю Вольнай думкай па сьвеце цярністым. Ў дзень вясёлы мы сонцам пякучым Заіскрымся ў нябесным прасторы, Зь ветрам-сокалам душы заручым, Ў пушчу-лес упляцём загаворы. Ўночы сумнаю зоркаю глянем На сады, на амшэлыя хаты; Чары-сон навядзём заклінаньнем, Вышлем росы брыльянтныя ў сваты. Узалоцімся ў сьветлыя сьлёзы, Ў сьлёзы-іскры забраных загонаў; Сьнегам-пухам зардзімся ў марозы, Ўлетку кветкай зайграем чырвонай. Адну песьню дзень, ночка хай грае Нам, сіротам, па сьвеце цярністым... Абнімі ты мяне, маладая, Абніманьнем гарачым, агністым.
[1906–1912]
|
|