Маленькі астравок маёй зямлі – Зялёны Астравец над срэбнай Лошай, Такі прытульны і такі харошы, Як сонца, бор і родныя палі. Дом друга. Не, дом тысячы сяброў. Не ведаю, што можа звацца раем? Хіба мароз і піва ў Гудагаі, І галасы далёкіх цягнікоў? Маё другое сэрца. Год пяцьсот Адлічваеш ты мне гады на сьвеце, І кожны дзень аблокі, верас, вецер, І сонца неўміручага ўзыход. І твой сьвяты і сьветлы чалавек, Твой дым, і крыж магутны Аняліна, Твой лубін залаты, твой лес на ўзгорках сініх, І стронгі ў крышталі маленькіх рэк. Сто тысяч год няхай вакол шумяць палі, Сто тысяч год няхай вакол гудуць дубровы, Пакуль гучыць вакол сьвятая наша мова, Пакуль ёсьць беларусы на Зямлі.
1974
|
|